Дваццаць першага лютага святкуецца традыцыйнае свята – міжнародны дзень роднай мовы. Прынялі яго з нагоды ЮНЭСКА дзеля абароны і захавання культурнай разнастайнасці. Калі раней у усходняй сталіцы рабілася хаця б штосьці – напрыклад, дыктоўкі – то сёння Магілёў перажыў натуральна звычайны дзень.
Адзінае, што трапілася на вока – невялічкія, фармату А4, плакацікі, з выявамі розных прадметаў з падпісанымі ўнізе іх беларускімі назвамі. Такіх рэчаў зашмат было ва універсітэце імя Куляшова і зусім крышачку — на вуліцах побач з карпусамі гэтага ВУЗа. Як потым адкрылася, такія невялічкія памяткі – справа рук мясцовага гістфаку.
Што тычыцца навучальнай установы, то ва ўсім вялізарным універсітэце аніхто, акрамя дзвух факультэтаў – гістарычнага і – як тое не дзіўна — замежных моваў – нават не варухнуўся. Спецыфічную выставу па прынцыпе – прадмет+назва – арганізавала Алеся Валер’еўна Доўгаль з кафедры англійскага, агульнага і славаянскага мовазнаўства. На пакрытай тынкоўкай сцяне звычайным скотчам былі налепленыя тыя ж паперкі А4. Зроблена было цікава, побач з аркушамі – плакат, намаляваны студэнтамі. Ідзеш і чытаеш – бульба, півоні, кавун. Шэсць словаў з выявамі ядналіся ў гурты па прыналежнасці: адзежа, кветкі, ежа…
Нажаль, такая рэч – адзіная ва ўсім універсітэце. Прытым – на шостым паверсе. Там месціцца не так шмат людзей, каб гэтае ацаніць. Бачна, што амаль нікому ацэньваць і не трэба. І праз усё гэтае чырвонай ніткай праходзіць, як не горка гэтае прызнаваць, абыякавае стаўленне пераважнай большасці беларусаў да сваёй роднай мовы.
Ала Воліна
Еще фото: