Учора у магілёўскім музеі імя Масленікава ладзілі вечарыну. Падстава сур’ёзная — дзень нараджэння аднаго з тых геніяў, якія развіваюцца ў мностве напрамкаў. Іван Грыгаровіч быў адначасова гісторыкам, археографам, святаром і філолагам – згадзіцеся, гэта нямала.
У якасці спецыяльных гасцей былі запрошаныя Фелікс Шкірманкоў — паэт і краязнаўца з Прапошэску, і спадар з няменшай за юбіляра колькасцю рэгаліяў — Георгій Сакалоў. Самі глядзіце – філолаг, краязнавец, пратаірэй і настаяцель храма ў Лясной. Мяркую, сам Грыгаровіч паклікаў бы такіх людзей на асабісты дзень народзінаў.
Паклікалі дзвух, але даехаў толькі адзін. Магілёўцы так і не пабачыліся з Феліксам Шкірманковым, распавядаў пра славутага чалавека адзін Георгій Сакалоў.
Па словах пратаірэя, час, у які выпала працаваць Івану Грыгаровічу, быў надзвычай складаны. Цікавасць да нейкай канкрэтнай мясцовасці кімсьці ўспрымалася як праява сепаратызму. Але ў Грыгаровіча былі апекуны, што разумелі патрэбнасць працы, якую ён праводзіў. Дарэчы, навуковец звязаны з Магілёвам тым, што скончыў у нашым горадзе духоўную семінарыю. Сам жа ён родам з Прапошэску (Прапойску).
Пры ўсіх складанасцях, якія былі на шляху Івана, ён архіёграф, выдавец, перакладчык, каментатар мноства гістарычных дакументаў, якія тычацца менавіта Беларусі. А гэтага раней не было. Хаця расейская археаграфія была шчэ ў часы Екацярыны ІІ. Ён – бацька беларускай археаграфіі , як кажуць у навуковых колах. Таксама Грыгаровіч даследваў царкоўную гісторыю Беларусі.
Нягледзячы на ўсе заслугі перад дзяржавай, аб чалавеке амаль не ведалі. Толькі жыхары Гомельшчыны, дзе ён жыў і працаваў, мелі нешта сказаць. Так было да 90-ых гадоў, пакуль у родным для навукоўца Слаўгарадзе не назвалі яго імем вуліцу. Людзі здзіўляліся, бо не ведалі, хто гэта такі.
«Зараз сітуацыя змяняецца, людзі болей ведаюць пра выбітнага дзеяча нашай краіны, што мяне асабіста вельмі радуе.» — гаворыць настаяцель прыхода храма-помніка ў Лясной, краязнавец, філолаг, протаірэй Георгій Сакалоў.
Ала Ерашэнка