Партал Mogilove.com сустрэўся са Зміцерам Вайцюшкевічам на мерапрыемстве, прысвечанным гадавіне надання Магілеву Магдэбурскага права, якое прайшло 28 студзеня. Праўда папасці на мерапрыемства можна было па загадзя складзеных спісах. Зміцер Вайцюшкевіч — вядомы беларускі музыка, адзін з фігурантаў «чорнага» спіса, лаўрэат прэмій рок-каранаванне, выканаўца года, удзельнік гуртоў «Палац», «Kriwi», заснавальнік і мастацкі кіраўнік гурта «WZ orkestra».
На святочным канцэрце вядомы выканаўца прапанаваў сваім слухачам каля 20 музычных кампазіцый, сярод якіх былі як і шырокавядомыя песні, так і тыя, якія магілеўцы пачулі ўпершыню. Зміцер з задавальненнем распавядаў гісторыі, жартаваў і размаўляў з аматарамі беларускай песні, сярод якіх былі і карэспандэнты сайта. Пасля канцэрта ўсе жадаючыя фотаграфаваліся з музыкай і бралі аўтографы, а мы прапанавалі Зміцеру Вайцюшкевічу адказаць на некалькі пытанняў:
— Добры вечар, Зміцер, скажыце, ці есць у Вас які-небудзь паэт, які натхняе на напісанне песен?
— Па-першае, я люблю, што я раблю. Я ўвесь час адкрываю нешта новае для сябе. Я на памяць магу прачытаць каля 250 вершаў на беларускай, рускай, польскай, украінскай мовах. Магу народныя песні спяваць на гэтых мовах. Плюс калі ў цябе, спадзяюся, таленавіта атрымоўваецца дзяліцца гэтым з усімі астатнімі, дык чаму не спяваць беларускую паэзію?
— Калі адбудзецца Ваш наступны канцэрт?
— Прыязджайце ў Санкт-Пецярбург, Варшаву, Маскву, Берлін, Прагу… Зараз ёсць некаторыя нюансы, але я спадзяюся, што ў скорым часе мы зладзім канцэрт і ў Магілеве. Раз на год я заўсёды тут бываю, і кожны раз, калі прыязджаю, мяне адорваюць любоўю і цеплынёй.
— Наколькі мы ведаем, хутка будзе канцэрт у Бабруйску?
— Так, 14 лютага — на Дзень усіх закаханых я прыязджаю ў Бабруйск.
— Цікавяць лі Вас меркаванні і рэакцыі на Вашу музыку?
— Канешне, як і кожнага чалавека. Не магу сказаць, что пляваць я хацеў, што яны там думаюць. Па-першае, я люблю, калі дзяўчаты бяруць у мяне інтэрв’ю, — усьміхаецца Зміцер. – Мне радасна, што мая музыка яшчэ камусьці цікава. Па-другое, калі мы нешта робім у творчасці, я ўсе роўна хвалююся, мне вельмі важна крытыка і меркаванні сяброў.
— Раскажыце, калі ласка, аб Вашым новым музычным праекце – альбоме “Беларускі шансон”?
— Я такі пладавіты, і некаторыя мяне за гэта не любяць. Я магу зрабіць нешта хутка, паказаць, што на беларускай мове, напрыклад, можна складаць шансон. Або расказаць пра суседнюю паэзію – польскую, шведскую, украінскую. Сумна, што людзі на сённяшні момант не цікавяцца паэзіяй. А пра праект – гэта 12 песен на словы Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.
Песні, дзе чалавек пастаўлен у цяжкія жыццевыя абставіны, у якія кожны чалавек баіцца патрапіць па незалежным ці залежным прычынам. Бо мы можам быць кіроўцамі — выпадковымі забойцамі, такое, не дай Бог, можа здарыцца з кожным, як кажуць, — не заракайся. Нават самыя багатыя людзі ва ўсім свеце гэтага баяцца. Гэтыя песні будуць пра чалавека і яго страхі, які жыве ў такіх цяжкіх абставінах і аб тым, што ен адчувае. Есць людзі каторыя раскаіваюцца, а есць тыя, каторыя ніколі не раскаіваюцца, таму што яны ў жыцці сваім іншага нічога не ўмеюць, акрамя як красці або забіваць. У песнях есць іронія, некая ідэалізаванасць.
Акрамя гэтага, на дыску будзе песня пра маму. Вы ведаеце беларускія песні пра маму? Напэўна, ніхто і не ўспомніць такіх. А хацелася, как была такая песня, якую было б можна спяваць сваёй маме, якая жывая. Маме гэта было б важна.
— А хто прыме ўдзел у гэтым праекце?
— Я, мой аркестр, некія запрошаныя музыкі, духавыя. Есць такая песня, якая будзе называцца “Братаны вы мае, братаны”, вось яе будуць спяваць мае сябры. Плануецца, што дыск выйдзе ўвесну, або ўлетку.
— Пажадайце што-небудзь сваім слухачам.
— Надзею на лепшае, здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсім!
Напрыканцы прыемнай размовы, мы папрасілі каб Зміцер пакінуў аўтограф спецыяльна для партала mogilove.com, на што ён безумоўна пагадзіўся.
Вольга Рудкоўская, Кацярына Зубрыцкая