Бабруйская крэпасць — адзін з цэнтральных помнікаў гісторыі горада. Яна ўзводзілася на тэрыторыі старога горада для абароны заходніх межаў Расіі. Будаўніцтва вялось пад кіраўніцтвам інжынера Карла Опермана. 20 чэрвеня 1810 года імператарам Аляксандрам І быў зацверджаны план Бабруйскай крэпасці. Па плане прадугледжвалася, што пад крэпасць адыходзіла ўся тэрыторыя гістарычнага горада на правым беразе Бярэзіны. Для жыхароў адводзілася вольная зямля вакол крэпасці, тамака былі запраектаваны фарштадты. Афіцыйнай датай залажэння Бабруйскай крэпасці лічыцца 4 чэрвеня 1810 года. Працы вяліся інтэнсіўна і да канца 1811 года ўсе фарты, накіраваныя на поўнач, захад і поўдзень, валодалі ўжо вялікай абарончай сілай. Асноўная абаронная лінія крэпасці складалася з 8 бастыёнаў. Бабруйскую крэпасць прылічылі да першага класу абарончых будынкаў Расійскай імперыі, яна лічылася адной з лепшых. Да пачатку вайны 1812 года на ўзбраенне крэпасці было пастаўлена больш за 300 гарматаў, гарнізон яе налічваў каля 4 тысяч чалавек. Крэпасць лічылася важным апорным пунктам рускага войска на шляху паўднёвага стратэгічнага флангу напалеонаўскай арміі. У пачатку вайны 1812 г. яна адыграла значную ролю ў забеспячэнні руху другога Заходняга войска Пятра Баграціёна.
Актыўныя баявыя дзеянні вакол горада не вяліся,але тым не меней, вайскоўвымі гісторыкамі адзначаецца важная роля Бабруйскай фартэцыі ў вайне 1812 года. «Ні адна крэпасць Расіі не была гэтакай карыснай, як Бабруйск у 1812 годзе». Пасля вайны будаўніцтва крэпасці працягвалася. На другім этапе будаўніцтва (1812- 1855 г.г.) тэрыторыя крэпасці павялічылася, былі збудаваныя дадатковыя ўмацаванні. У 1817 г. для падвышэння абараназдольнасці крэпасці было вырашана пабудаваць за ракой Бярэзінай асобнае магутнае Нагорнае ўмацаванне. У архітэктурным афармленні будынкаў крэпасці былі выкарыстаны элементы стылю класіцызма. Асабліва ўражваў ансамбль параднай Саборнай крэпасці з хатай кашталяна, будынкамі штаба, шпіталя і саборам Аляксандра Неўскага.
Пасля 1812 г. Бабруйская крэпасць стала адной з турмаў для палітвязняў у Расіі. З Бабруйскам звязаныя падзеі дзекабрысцкага руху. У крэпасці ў траўні 1823 г. быў распрацаваны «Бабруйскі план» узброенага паўстання, які прадугледжваў арышт імператара Аляксандра І падчас агляду войскаў у крэпасці. У другой палове ХІХ стагоддзя крэпасць губляе сваё стратэгічнае значэнне і з 1866 г. становіцца крэпасцю-складам. З 1897 г. яна здымаецца з ліку як стратэгічная адзінка і ў ёй размяшчаюць дысцыплінарны батальён для найнізкіх чыноў войска і флота. Да 1915 г. у крэпасці знаходзіўся перадавы артылерыйскі запас войска Заходняга фронту. У перыяд з чэрвеня 1919 г. па ліпені 1920 г. ў крэпасці быў створаны канцлагер для палонных чырвонаармейцаў, дзе былі жахлівыя ўмовы ўтрымання для вязняў. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі размясцілі тут буйны канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных № 131. У ноч на 7 лістапада 1941 г. фашысты справакавалі пажар у жаўнернях крэпасці і расстралялі каля 7 тысяч ваеннапалонных. Крэпасць у г. Бабруйску з’яўляецца помнікам фартыфікацыйнага мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя.
Бабруйская крэпасць уяўляе сабой комплекс помнікаў фартыфікацыйнага і горадабудаўнічага мастацтва. На працягу ўсёй яе гісторыі крэпасць выкарыстоўвалася як вайсковы аб’ект. Доўгачасовыя абарончыя пабудовы былі зробленыя з цэглы, мелі скляпеністыя перакрыцці, байніцы. На тэрыторыі Беларусі такога тыпу крэпасцяў толькі 2 — Бабруйская і Брэсцкая. Бабруйская крэпасць з’яўляецца і помнікам гісторыі, які меў дачыненне і да вайны 1812 года, руху дзекабрыстаў, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У 2002 годзе помнік гісторыі «Бабруйская крэпасць» занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, аднесены да каштоўнасцяў, якія маюць рэспубліканскае значэнне.
Бабруйская крэпасць у 2009 годзе адзначыла свой двухсотгадовы юбілей. І вельмі шкада, што ў цяперашні час амаль усе будынкі Бабруйскай крэпасці знаходзяцца ў катастрафічным стане, сцены былога абарончага аб’екта літаральна развальваюцца на вачах, паўразбураныя пабудовы крэпасці прыцягваюць моладзь. А што захавалася ад былой крэпасці першага класа? Як ужо раней казалася, галоўны вал Бабруйскай крэпасці складаўся з 8 бастыёнаў у асобна размешчаным форце «Фрыдрых-Вільгельм». Было яшчэ 3 бастыёна, парэшткі іх можна ўбачыць насупраць станцыі «Бярэзіна». Аднак пакуль захавалася нямала асобных умацаваных жаўнерань, пабудоў гаспадарчага прызначэння і іншых будынкаў, якія ўваходзілі у ансамбль Бабруйскай крэпасці. У БелНІІ горадабудаўніцтва распрацаваны адмысловы праект пад назовам «Дэталёвы план Бабруйскай крэпасці з рэгенерацыяй гістарычнай забудовы».
Плануецца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці размясціць 2 рэстарана, гандлёва-забаўляльныя аб’екты,таксама плануецца заняць вольную частку крэпасці пад элітнае жыллё. Будынкі будуць вытрыманыя ў стылі: выкладзеныя з чырвонай цагліны, з зялёнай афарбоўкай дахаў. Хоцацца спадзявацца, што, па завяршэнні рэстаўрацыйных працаў, будынкі набудуць новае гучанне ў спалучэнні з Лёдавым палацам і стануць візітоўкай горада. І ў гэтае прывабнае месца маглі бы прыходзіць турысты, сапраўдныя цаніцелі даўніны і ўсе ахвотныя. Але што ж ў рэальнасці чакае крэпасць? Час пакажа. Спадзяюся, што крэпасць атрымае шанец узрадзіцца і атрымаць сваё другое жыццё.