Першая частка гэтай карціны была цудоўная. Сапраўды. Мяне настолькі ўразіла гісторыя Вялізарнай Нянавісці, што наступнай часткі фільма чакала з дрыготкай у руках. Але чаканні мае не спраўдзіліся. Нажаль.
Прыходзім а адзінаццатай у “Радзіму”. Са ўсімі атрыбутамі: колай ды чыпсамі. Так як жыву ў інтэрнаце, начныя паходы пагражаюць студсаветам. Але што жыццё без рызыкі!
Пачатак фільма сапраўды цікавы. Калі ведаеш прадгісторыю, то адчуваеш нейкае яднанне з героямі. Свае ж! Так і з галоўнымі дзеючымі асобамі наступных дзвух гадзін.
Па выніках першай часткі, маці і дачка засталіся ў люстэрку, заточанымі ў горадзе вечнага пажару – Сайлент Хіле. Але нейкім чынам у жанчыны атрымалася вярнуць дзіця ў звычайны мір ды сказаць мужу абараняць малую ўсімі сіламі і НІКОЛІ не пушчаць у Сайлент Хіл.
Дачка – светлавалосая прыгажуня Хізэр – школьніца. Яны з бацькам Гары заўсёды пераязжаюць – усё дзеля бяспекі. Дзяўчынка жыве з сотнямі правілаў. Галоўнае з іх – аніколі не ездзіць у Сайлент Хіл. Хізэр ні з кім не бачыцца, жыве ў сваім асабістым мірку, дзе ёсць месца толькі ёй і бацьку. Аб тым, што здарылася з маці, Роуз, дзяўчына не ведае – для яе мама загінула ў аўтакатастрофе.
Дзяўчынка бачыць жудасныя сны – ва ўсіх прысутнічае той самы горад. Дачка і бацька чарговы раз пераязжаюць, у школе дзяўчынка знаёміцца з аднакласнікам Вінсэнтам. Пасля здараецца адразу некалькі нядобрых рэчаў: за Хізэр пачынае пільнаваць незнаёмец, якога потым забівае нейкая пачварына, некуды знікае бацька, а на сцяне хаты Хізэр з’яўляецца надпіс “Прыязжай у Сайлент Хіл”. Весела, увогуле.
Тутака адбылося тое, што заставіла мяне зрабіць “фэйспалм” – дзяўчына пачала збірацца. Ага, менавіта туды. Нягледзячы на словы бацькі. Маленькая школьніца ўпарта крычыць, што выратуе тату. Вінсэнт, які разам з дзяўчынай стаў сведкам надпісу на сцяне, імкнецца адгаварыць дзяўчынку ад паездкі.
Тут другі “фэйспалм”: Хізэр угаворвае Вінсэнта павезці яе ў Сайлент Хіл. Як так? Хлопчык, ты ж так імкнуўся яе ўтрымаць! Далей – больш. Вінсэнт сазнаецца ў тым, што ён з Сайлента і прыехаў дзеля таго, каб прывезці Хізэр да свайго Ордэна. А што хоча зрабіць з Хізэр Ордэн? Правільна, забіць. Усё таму, што дзяўчынка – добрая частка Алесы, якая і стварыла асабістае пекла для кожнага з жыхароў вечнагарачага горада.
Пачынаецца адурэнная весялуха: двое спрачаюцца ў нейкім гатэлі, куды заехалі адпачыць перад прыездам у Сайлент Хіл. Прычым дзяўчынка “наязжае” на бедалагу так, нібыта жыве з ім год дзесяць і мае дзвух дзетак. У самай гарачыні спрэчкі хлопца сцягвае нейкая жудасная пачварына з лязом, тырчашчым з галавы і ашчэранай пысай. Хізэр тым часам страчае прытомнасць.
Калі яна-ткі прыходзіць у сябе і пакідае гатэль (а пра Вінсэнта і не успомніла, жанчыны-жынчыны), адбываецца нечаканае – якімсці чынам гераіня аказваецца ў праклятым горадзе. Шыкоўная атмасфера смугі і попелу, які летае кавалкамі – вось ён, Сайлент Хіл. Прыгажосць. Не паспела я парадавацца дрогоцікам па целе, як дзяўчына зноў зрабіла неразумеласць – пачала гаманіць з маці Алесы. Тая таксама з’явілася нечакана.
Жанчына – трэцяя падказка валіць адсюль. Яна спрабуе пераканаць Хізэр. Але што ёй, крутой бабе!
Б’юць званы – цемра наступае! Хізэр хаваецца ў нейкай краме. Потым аказваецца, што тутака вырабляюць манекены. Прычым з жывых людзей. Гэта нейкі дурдом, сапраўды. Я ведаю, што горад пракляты. Але ці яго людзі не жывуць нармалёва і ў краме манекенаў не можа быць простых лялек, пласмасавых? Чорт яго ведае. Хізэр спрабуе выратаваць адну з дзяўчын, але бедалагу стасквае за ногі пачварына – павук-манекен з чалавечымі галовамі. Пасля гэтага эпізода хацелася падняцца і сваліць, было разумела, што анічога файнага не пакажуць. Але ўтрымалася.
Далей шчэ смяшней. Калідорамі гераіня прабіраецца да псіхушкі. У бальніцы зараз знаходзіцца Вінсэнт – яго маці (адурэнная маці) памясціла яго туды дзеля “пазбаўлення ад ерасі”. Хлопец крычаў, што “Хізэр – не зло”. Дзіўныя ў іх зносіны. Несемейныя зусім. Дзе хатнія пасядзелкі ля каміна?
Лекаваць Вінсэнта хочуць вельмі файным спосабам – яго прывозяць, прывязанага да каталкі, ў пакой. Там (увага!) некалькі медсястрычак з уродлівымі тварамі і нажамі ў руках. Дзяўчыны сляпыя, але нейкім чынам ўмудраюцца зарэзаць трох мужыкоў. Зноў-такі нейкім чынам Хізэр (хударлявая школьніца!) выратоўвае Вінсэнта. А тры мужыка сябе абараніць не здолелі. Трэці “фэйспалм”.
Потым зусім адурэнная сцэна – Алеса і Хізэр яднаюцца ў адно. Усё адбываецца на дзіцячых каруселях, а механізм (такі, як у калодзежы) рушыць з месца чалавек з тварам-трохвуголькам (памятаеце ж па першай частцы!)
Дзяўчыны абдымаюцца, справа зробленая – цяпер мага забіць Хізэр – і горад будзе вольным. Сама Хізэр і не думае валіць – навошта, калі можна проста так узяць і памерці.
Канчатак увогуле смешны. Нашая салодкая парачка прыбягае ў храм. Там, прывязаны да ідала, сядзіць бацька. Сустракае іх жудасная жанчына. Без брывоў. Нават пашкадавала яе. Пэўна, таму яна такая злосная і хоча, як і ўсе злодзеі, “пакарыць гэты свет”. Вой. Гэта маці Вінсэнта. На месцы Хізэр я б не шла за яго замуж – бо надта ж жудасная свякруха будзе…
Страшэнная маці, замест таго, каб хуценька забіць дзяўчыну і святкаваць гэта дасягненне, вельмі шмат гаворыць. Тут атрымалася, як у казцы пра труса – пакуль мужык вырашаў, што зробіць з трусавай скуры, сам трус уцёк. Дакладней – прыйшоў чалавек-трохвугольнік. Вай як спадабаўся мне гэты персанаж. Мала таго, што анічога ня бачыць (вачэй жа німа), дык шчэ і метка пападае па ворагах.
Бязбровая маці Вінсэнта пераўтвараецца ў пачвару з галавой-лязом. Нейкія яны ўсе там цікавыя. Пакуль трохвугольнік і лязо б’юцца на мячах, Вінсэнт і Хізэр вызваляюць Гары. Усе скопам назіраюць за бойкай. Нягледзячы на раны, ад якіх бы ўсялякі памер, трохвугольнік бегае, як малады, і, нарэшце адрубае пані-лязо галаву. Та-да-дам, дабро перамагло.
Шлях. Трое нашых герояў – усе жывыя – ідуць да выхаду з Сайлент Хіла. Памятаем, дзеля чаго Хізэр паехала ў горад? Дык вось. Бацька нечакана вырашае ЗАСТАЦЦА ў праклятым горадзе і пашукаць сваю жонку Роуз. Чацверты фэйспалм. Як так? Цябе ж выратоўвалі! Навошта? Воооой!
Потым ідзе кароткая гаворка, з якой мы даведваемся, што, аказваецца, гэта Хізэр ўсіх выратавала. Ну адурэць. Не яна ж білася з лязом-свякрухай. Як заўсёды: сапраўдныя героі застаюцца ў смузе. Беднаму трохвугольніку нават “дзякуй” не сказалі. Крывадушцы.
Нашая “салодкая” бярэцца за ручкі і выходзіць з Сайлент Хіла. Нейкі падазроны мужык на дальнабойніцкай машыне падбірае іх, і фільм абрываецца.
Ведаеце, зразумела я адну штуку: ня трэба глядзець другія часткі фільмаў. Таму, што толькі ўражанне ад першага зруйнуеш.
Ала Ерашэнка